Навучэнцы сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі з поспехам прадстаўляюць свае распрацоўкі на самых вядомых у краіне рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках, уключаючы Фестываль навукі, ТІВО і “100 ідэй для Беларусі”. Да высокіх дасягненняў вучняў вядуць настаўнікі, аб’яднаныя ў творчую групу на чале з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Аленай Піскуновай. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам займалася даследаваннямі і Марыя, якая, між іншым, сярод фіналістаў — адзіная ўдзельніца школьнага ўзросту. Конкурс па намінацыях “Лепшы інавацыйны праект” і “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” арганізоўвае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, НАН Беларусі, БРСМ і Беларускага інавацыйнага фонду. На разгляд журы прадстаўляюцца сацыяльна значныя інавацыйныя праекты розных стадый рэалізацыі са стратэгіяй камерцыялізацыі, якія адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Падчас абароны ў Мінску вучаніца Алены Вадзімаўны прэзентавала праект “Міні-фабрыка чайнага грыба” — такую крыніцу атрымання аналага натуральнай скуры прапанавалі біятэхнолагі-аматары з віцебскай глыбінкі. Дарэчы, Марыя бачыць сябе ў будучыні прафесійным біятэхнолагам і прыглядаецца да беларусіх універсітэтаў з адпаведнымі спецыяльнасцямі.
Мы актыўна супрацоўнічаем з Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, у тым ліку сумесна, у камандзе, другі год запар удзельнічаем у міжнародным спецыялізаваным форуме ТІВО. Паказваем там свае адукацыйныя распрацоўкі ў напрамку інжынерыі. На выставе і пазнаёміліся з прадстаўнікамі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, якія зацікавіліся даследаваннямі па вырабе біяскуры. Нас запрасілі на конкурс. Мы загарэліся ідэяй, сталі рыхтавацца. Неабходна было прадаставіць вельмі сур’ёзны пакет дакументаў, для чаго патрабаваліся ў тым ліку эканамічныя і юрыдычныя веды. На аснове атрыманых у ходзе даследавання даных пры падтрымцы калег распрацавалі з вучаніцай тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне камерцыялізацыі прадукту. У выніку былі разлічаны эканамічныя паказчыкі мадэлі рамесніцкай майстэрні па вытворчасці біяскуры і пашыве з яе галантарэйных вырабаў.